ЗАХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ, Пярэдняя Азія,
група прыродных краін на З і ПдЗ Азіі, якая ўключае п-вы М.Азія, Аравійскі, Сінайскі, прылеглыя да іх астравы і тэрыторыі (Кіпр, Каўказ, Капетдаг, б.ч. Іранскага і Армянскае нагор’е, Месапатамская нізіна і прылеглыя да іх вобласці Усх. Міжземнамор’я, т. зв. краіны Леванта). Пл. каля 7,5 млн. км2. У межах ЗА. размешчаны Арменія, Грузія, Азербайджан, паўн.каўказская ч. тэр. Расійскай Федэрацыі, паўд. ч. Туркменістана, азіяцкая ч. Турцыі, Ірак, Іран, Афганістан, Кіпр, Ліван, Сірыя, Іарданія, Ізраіль, Кувейт, азіяцкая ч. Егіпта, Саудаўская Аравія, Йемен, Катар, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн.
Нагор’і паўн ч. З.А адносяцца да міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, у якім маладыя складкавыя структуры акаймоўваюць стараж. сярэдзінныя масівы, што абумовіла ўтварэнне рэльефу з больш высокімі ўскраіннымі хрыбтамі і паніжанымі ўнутр. пласкагор’ямі. Аравійскі п-аў і Левант прымеркаваны да стараж. платформавых структур Гандваны. Нізінныя раўніны Месапатаміі сфарміраваліся на месцы перадгорнага прагіну. Буйныя радовішчы нафты (бас. Персідскага зал. і Апшэронскага п-ва). Клімат арыдны; пустыні, паўпустыні, сухія стэпы (у асн. на Пд). Узбярэжжы Міжземнага, Чорнага і паўд. ч. Каспійскага м., паўд.-зах. ч. Аравійскага п-ва вільготныя з субтрапічнай і трапічнай лясной і хмызняковай флорай. Развіта пашавая жывёлагадоўля.
т. 7, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)